?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс | Наступны запіс

skepsys
У разгар жаніцьбаў Цярэшак прыгадалася, як летась Андрусь Храпавіцкі з westki.info ладзіў шэраг інтэрвію з сучаснымі паганцамі і традыцыяналістамі. Адно з пытаньняў было наступнае:
А што наконт маральных прынцыпаў? Жаніцьба Цярэшкі, кажуць, падобная да сапраўднай оргіі. Ці даводзілася прымаць у ёй удзел? Гэта сапраўды так страшна?

Вашай увазе падборка адказаў на гэтае заведама правакацыйнае пытаньне:

Эліза Волат
— Мараль у грамадстве фармавалася паступова і паўсюдна. І смешна думаць, што яе раптам прынеслі сюды хрысціянскія місіянеры. Хіба мы можам адмовіць у маральнасці іншым, нехрысціянскім народам Зямлі? Ці будзем спрачацца, чыя мараль маральнейшая?..
Што тычыцца гульняў. У гісторыі выхавання было два асноўныя накірункі: адзін даводзіў усяляк прыгнятаць лібіда (сэксуальную энэргію), другі - перанакіроўваць у сацыяльна-прыймальныя формы (творчасць, гульня). Нашы продкі спраўджвалі другі варыянт. І сучасная псіхалогія менавіта яго і лічыць найлепшым. Гульні кшталту "Цярэшкі" - гэта толькі частачка цэлай сістэмы выхавання, скіраваная на паступовы перавод чалавека з дзіцячага стану ў дарослы, на ўважлівы падбор ідэальнай пары (не пад плотам ці за цёмным вуглом, а на вачах у грамады, у дарослых, у людзей з досведам) і стварэнне трывалай сям'і і працяг роду.


Аляксей Дзермант, філосаф, этнакультуролаг
— Традыцыйнае грамадства – грамадства, якое грунтавалася перадусім на прынцыпах этнічнай традыцыі, характарызавалася акурат вялікай ступенню маральнай і звычаёва-прававой рэгламентацыі чалавечых паводзінаў. Гэта тычыцца, вядома, сямейнага і сэксуальнага жыцця. Традыцыйнае грамадства не было пурытанскім, але і вінаваціць прыхільнікаў этнічнай традыцыі ў патуранні разбэшчанасці і зневажанні маральных прынцыпаў – відавочная спроба дыскрэдытаваць тое, пра што апаненты проста недастаткова абазнаныя. Таму і тая ж “Жаніцьба Цярэшкі”, хоць і была абрадам з выразнымі эратычнымі канатацыямі, мэтай якога была падрыхтоўка моладзі да шлюбу, але ніякіх аргіястычных матываў не мела. Больш таго, эратызм у часе абраду паўставаў у досыць далікатных, прыстойных формах. Таму сапраўдную разбэшчанасць трэба шукаць не ў нашых народных звычаях, а ў тым, што ліецца з экранаў тэлевізараў і што прапагандуецца мас-медыямі замест нормаў традыцыйнай маральнасці.


Аляксей Ластоўскі, сацыёлаг
- Відавочна, маецца на ўвазе закід у маральнай разбэшчанасці сярод прыхільнікаў паганства ад аўтара аднаго з крытычных артыкулаў.

Насамрэч, гэты закід пападае абсалютна не туды, куды трэба. Традыцыйная культура заўсёды была накіравана на гарманічны працяг сацыяльнага жыцця, і ў гэтым важную ролю грала таксама сакралізацыя сям’і. Жаніцьба Цярэшкі і Купалле былі святамі, якія выконвалі дзве важнейшыя функцыі. Па-першае, рэгламентаванага адыходу ад жорсткіх нормаў, якія панавалі ў соцыуме, ён строга лакалізаваўся ў часе і прасторы. У гэтым паганскія святы нагадваюць сярэднявечныя карнавалы, калі на некалькі дзён уся грамадская іерархія пераварочвалася, і заахвочваліся якраз паводзіны, што супярэчылі штодзённым. Гэта зямная маніфестацыя асноватворнай апазіцыі Космаса і Хаоса. Без зла няма дабра, без святаў няма штодзённасці. Але ж нельга па святах апісваць увесь традыцыйны лад жыцця, гэта хутчэй выключэнне з правілаў, хоць у сучаснасці яно і займае галоўнае месца пры знешніх апісаннях паганства. І, па-другое, гэтыя святы дапамагалі маладым усталяваць паміж сабою кантакты, на якіх потым можна было ўгрунтаваць стабільнае сямейнае жыццё.

Праблема ў тым, што гэтыя святы зараз і сапраўды могуць мець нейкі характар “разбэшчанасці”, але ў гэтым праблема не адносіцца выключна да паганцаў, а да ўсёй сучаснай моладзі. Празмернае ўжыванне гарэлкі і вольнае сэксуальнае жыццё сталі бедамі ўсёй беларускай моладзі, ці ня так? Што, і ў гэтым трэба вінаваціць паганцаў? Я рэгулярна езджу на “сэтаўскае” Купалле, і ніякім разгулам там не пахне, тыя людзі, што туды ездзяць штогод, вядуць сябе цалкам “прыстойна”, непрыемнасці бываюць толькі ад выпадковых візітораў, ад якіх не пазбавіцца нават на адносна закрытым мерапрыемстве.

А каб у Жаніцьбе Цярэшкі ўбачыць оргію, трэба мець нейкую паранаідальную свядомасць.


Што ж такое Жаніцьба Цярэшкі, у чым яе эратызм і што ўвогуле разумеецца пад эратызмам у дасьледчыкаў традыцыйнай культуры? На гэтыя пытаньні дае пасьлядоўны адказ этнограф Уладзімер Лобач у артыкуле Традыцыйная эротыка ў моладзевай субкультуры беларусаў Паддзвіння (паводле фальклёрных і этнаграфічных матэрыялаў ХІХ-ХХ стст.):
…Сымбалічны пласт выяўлення эротыкі больш падрабязна праілюструем на прыкладзе “Жаніцьбы Цярэшкі” — унікальнага абрадавага ігрышча, бытаванне якога амаль выключна супадае з арэалам рассялення полацкіх крывічоў. Апісваючы гэтую гульню ў 1884 г. у в.Махірова Полацкага павета, М.Нікіфароўскі падкрэсліваў яе рытуальны характар: "Як больш выдатная, нібы святарная, гульня гэта выконваецца даволі рэдка і выключна зімой, у дні гадавых святаў, як напрыклад, Каляды, Новы год і ў Загавенне перад Вялікім пастом...“. Абрадавы характар “Жаніцьбы” вынікае таксама і з абавязковасці яе правядзення, санкцыянаванага менавіта з боку дарослых: “Бацькі ніколі ня ўмешваліся ў `Цярэшку’, не забаранялі ‘Жаніць Цярэшку’, наадварот, нават загадвалі гэта рабіць...” Далей…

Comments

skepsys
12 Стд 2010 12:55 (UTC)
вось бачыш, ужо і выказваесься паранаідальна ;)

Tags

Latest Month

Ліс 2018
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

ЭтнаГугль* ;)

* Пошук па суполцы і сайтам блізкай тэматыкі.

Статыстыка

Рейтинг блогов
Рейтинг блоговAkavita: каталог, рейтинг, счетчик для сайтов Беларуси

Рейтинг блогов



Распрацавана LiveJournal.com
Designed by Lilia Ahner